Міжнародны дзень роднай мовы

 

21 лютага ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Сення налічваецца больш за 6 тысяч моў. Кожная з іх па-свойму прыгожая і мілагучная. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна мова, якая завецца роднай.

Беларусы маюць дзве дзяржаўныя мовы – рускую і беларускую. Большасць грамадзян нашай краіны  размаўляюць па-руску, але нашай спрадвечнай, матчынай мовай з’яўляецца мова беларуская. Беларуская мова прайшла доўгі гістарычны шлях, на якім былі як часы росквіту, так і часы заняпаду. Былі нават такія перыяды, калі яна ледзь не знікла. Нашы бацькі, дзяды і прадзеды нямала зрабілі, каб беларуская мова была прызнаная як роўная сярод іншых моў свету. А мы, у сваю чаргу, павінны зберагчы і перадаць нашу родную мову будучым пакаленням.

У сярэдняй школе №27 г.Магілёва гэты дзень пачаўся флэшмобам для вучняў і бацькоў “Знаўцы роднай мовы”, арганізатарамі якога сталі адзінаццацікласнікі. Правільныя адказы ацэньваліся салодкім прызам – цукеркай. У кожным класе прайшлі інфармацыйныя гадзіны, прысвечаныя

Міжнароднаму Дню роднай мовы. На чацвёртым уроку ў актавай зале старшакласнікі сабраліся на прагляд літаратурна-музычнай кампазіцыі “Вобразная, вольная, пявучая”, на якой прагучалі вершы пра мову і беларускія песні ў выкананні вучняў школы. Перапынкі радавалі беларускай эстраднай музыкай. А на рэспубліканскую гульню “Буслік” прыйшоў 171 вучань. Пазакласныя мерапрыемствы па беларускай мове і літаратуры працягнуцца на наступным тыдні ў рамках Дзён славянскай філалогіі.

Дзень роднай мовы ў пачатковай школе

Матэрыял падрыхтавала настаўнік беларускай мовы і літаратуры Шэвелева Алена Васільеўна 

 

Добавить комментарий