Экскурсія па Полацку

27 кастрычніка 2018 года  вучні 6-7 класаў нашай школы пабывалі ў Полацку – адным з самых старажытных гарадоў нашай краіны. Аглядавая экскурсія па горадзе дазволіла пазнаёміцца з вялікай колькасцю помнікаў знакамітым палачанам: Усяславу Чарадзею, Еўрасінні Полацкай, Францыску Скарыну, Сімяону Полацкаму. Вялікае ўражанне аб сабе пакінуў Сафійскі сабор, што, па словах У.Караткевіча, “плыве над Дзвіною, нібы карабель”, і вялізны валун – Барысаў камень. Экскурсія па Спаса-Еўрасіннеўскім манастыры дазволіла пазнаёміцца з жыццём і дзейнасцю вялікай асветніцы Сярэднявечча Еўфрасінні Полацкай. Вучні пабачылі копію крыжа Е.Полацкай, старажытныя фрэскі на сценах самай старой царквы манастыра – Спаса-Прэабражэнскай, пабудаванай дойлідам Іаанам у сярэдзіне ХІІ ст. Недалёка ад Сафійскага сабора ў будынку былога Іезуіцкага калегіума размясціўся адзін з карпусоў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. У яго дворыку вучні пабачылі статуі студэнта і прафесара, паслухалі гадзіннік, які кожную гадзіну адзначае міжнародным студэнцкім гімнам на лацінскай мове “Гаўдэамус” і гімнам Полацкага ўніверсітэта на беларускай мове. Але большасць  вучняў прызналася, што з экскурсіі па ўніверсітэце ім найбольш запомнілася сустрэча з галавой, якая гаворыць (копія незвычайнага механізма ХYІІІ ст.).  Дзеці атрымалі адказы ад мудрага старца на самыя розныя філасофскія пытанні: “Што такое дружба?”, “Дзеля чаго чалавек жыве на свеце?”, “Навошта нам вучыцца?” і іншыя. Нават дождж, які ішоў увесь дзень, не змог сапсаваць настрою. Вярталіся дадому стомленыя, але радасныя і задаволеныя.

Класны кіраўнік 6 “Б” класа Шэвелева А.В.
Фотарэпартаж падрыхтавала класны кіраўнік 6 “В” класа Бугаёва А.М.

Добавить комментарий