Да 750-гадавага юбілею горада Магілёва

У газеце “ Веснік Магілёва” ад 30 лістапада 2016 года быў змешчаны артыкул настаўніка беларускай мовы і літаратуры Клімковай Ж. Р.,  прысвечаны магілёўскаму разбойніку  Машэку. Прапануем яго вашай увазе.

                                                      Да 750-гадавага юбілею горада Магілёва 

 

МАШЭКА: НАРОДНЫ ГЕРОЙ ЦІ ЗЛОДЗЕЙ?

          Многімі легендамі авеяна назва нашага старажытнага горада, які ў 2017 годзе адзначыць свой 750-ты юбілей.  Але і дагэтуль самай паэтычнай і хвалюючай з’яўляецца гісторыя пра разбойніка Машэку.  Жыў ён  у непраходнай пушчы, што знаходзілася на месцы Магілёва, і меў незвычайную фізічную сілу, а знешне быў падобны да звера, сваёй жорсткасцю наводзячы  жах на сялян навакольных вёсак.

Аднак, непакорны і магутны для многіх, Машэка стаў ахвярай каварства жанчыны, якую ён горача і аддана кахаў. Таямнічае месца, дзе пахавалі разбойніка, назвалі   “ Магілай  Льва”, а горад , які ўзнік на магілах забітых ім  ахвяр, – Магілёвам.

У горадзе Магілёве шмат мясцін, звязаных з імем легендарага героя – “Робін Гуда магілёўскіх пушчаў”, героя народных паданняў і мастацкіх твораў. Ёсць у горадзе тры Машэкаўскія вуліцы (“простая”, Вялікая і Малая) і цэлы раён – Машэкаўка (так у народзе называюць мікрараён Юбілейны). З народнага падання вядома, што ў разбойніка Машэкі быў паплечнік – атаман  Гвозд, які меў жыллё на тэрыторыі сучаснай гарадской бальніцы. Гэта месца і па сённяшні дзень называецца Гваздоўкаю.

Варыянт легенды пра Машэку, запісаны вучоным-фалькларыстам П.В. Шэйнам і надрукаваны ў1851 годзе  ў “ Магілёўскіх губернскіх ведамасцях”, які набыў на сённяшні дзень  гістарычны статус,  трактаваў Машэку  як душагуба, імем якога палохалі дзяцей.          Такім ён паказаны і ў хрэстаматыйнай паэме Янкі Купалы  “Магіла льва”, і ў драме Сяргея Кавалёва “Легенда пра Машэку”, пастаўленай Магілёўскім абласным драматычным тэатрам. Такім ён уяўляецца і большасці магіляўчан.            Але ў народзе жыла пра яго другая слава – слава народнага абаронцы.   Беларускія літаратары па- мастацку пераасэнсавалі легенды пра знакамітага разбойніка. І мы, магіляўчае, можам ганарыцца, што такую гісторыю кахання і такое цудоўнае асэнсаванне яе беларускімі  мастакамі слова мае толькі адзін горад Беларусі – наш родны Магілёў.

Як народнага заступніка, для якога характэрна глыбокая чалавечнасць, непрыманне ўсялякага здзеку з працоўнага люду, характарызуюць вобраз Машэкі  паэт Уладзімір Караткевіч і драматургі Еўсцігней Міровіч і Віталь Вольскі ( усе тры творы –  верш і дзве п’сы маюць аднолькавую назву  “Машэка”) . Супраць прыгнятальнікаў народа накіроўвае сваю помсту і герой рускамоўнай драматычнай паэмы “ Не на крови, а на любви”, якую напісаў наш зямляк Іван Пехцераў .

Чалавечая памяць захоўвае добрыя і нядобрыя ўчынкі, імёны герояў – гуманістаў і герояў-дэманаў. Таму і склаліся пра Машэку легенды і паданні, а на аснове іх напісаны шматлікія літаратурныя творы, якія ўвекавечылі і абессмяроцілі яго імя. І на месцы смерці героя, недалёка ад Дняпра, вырас прыгожы, слаўны горад Магілёў.                           

Горад – гэта не толькі сцены, вуліцы, будынкі, не толькі людзі, якія ў ім жывуць і будуць жыць. Кожны горад пачынаецца з нейкай легенды. Наш горад пачаўся з прыгожай легенды: легенды пра каханне…

Ілюстрацыя П. В. Шаранговіча да паэмы Янкі Купалы “ Магіла Льва”

bezyimyannyiy

Добавить комментарий